blank




Латгальскі рэгіён планавання запрашае вас адчыніць музейныя вароты Латгаліі, Полацка і Уцены і пазнаёміцца з каштоўнасцямі культурна-гістарычнай спадчыны, якія беражліва захоўваюцца музеямі ў памежным рэгіёне ўсіх трох дзяржаў. Менавіта музеі з'яўляюцца тым месцам, куды нас сардэчна запрашаюць не толькі вывучаць гісторыю сваёй краіны, шукаць свае карані і вызначаць ідэнтычнасць, але і лепей пазнаваць суседзяў.


Ругайскі краявы музей
У Ругайскім краявым музеі ўвазе наведвальнікаў прадстаўлены экспазіцыі, прысвечаныя вядомым людзям краю, настаўнікам і выпускнікам Ругайскай сярэдняй школы, прадметы побыту ХХ ст., прылады працы, а таксама нацыянальныя касцюмы, вырабленыя мясцовай жыхаркай А. Іванане. Арганізуюцца мерапрыемствы і тэматычныя выставы. Прапануецца экскурсія па пасёлку Ругаі. Несумненную цікавасць павінны выклікаць мясціны, што знаходзяцца ў распараджэнні музея: сквер з памятным камнем аб дэпартаваных жыхарах краю, побач з музеем – камень у памяць аб партызанах, брацкія могілкі загінуўшых падчас Другой сусветнай вайны, у Ругайскім парку – камень у памяць аб жыхары краю Т. Матысе.
Час працы: I - V: 09:00 – 17:00
Адрас: вул. Курменес, 87, Ругаі, Ругайскі край, Латвія
+371 25623315, [email protected], [email protected]


Музей Балвійскага краю
У 2010 г. музей пераехаў у новае памяшканне – рэканструяваны сядзібны свіран, дзе подых гісторыі чаргуецца з новымі павевамі: скляпенні свірна, збудаванага яшчэ работнікамі сядзібы, суседнічаюць з выходзячымі на дах вокнамі выставачнай залы; старажытныя дзверы свірна, вырабленыя з 200-гадовай драўніны, і мэбля сучасных майстроў; выставы, якія расказваюць аб гісторыі краю, і погляд на нашу рэчаіснасць маладых мастакоў. У канцы верасня 2014 г. адкрылася новая сучасная экспазіцыя «Нематэрыяльная культурная спадчына Паўночнай Латгаліі». Экспазіцыя, размешчаная ў пяці выставачных залах музея, адлюстроўвае тэму Паўночнай Латгаліі і ўключае ў сябе этнаграфію, традыцыйную музыку, фальклор, звычаі, псалмы, майскія спевы (латгальская традыцыя наладжваць майскімі вечарамі спевы ў гонар Дзевы Марыі каля размешчаных уздоўж дарог крыжоў; існуе з XIX ст.), майстэрства рамеснікаў і іншыя мясцовыя каштоўнасці. Музей прапануе музейна-педагагічныя праграмы і экскурсіі па сядзібе і па горадзе (па папярэдніх заяўках!). Наведванне музея даступнае людзям з абмежаванымі магчымасцямі.
Унікальныя экспанаты:
народны касцюм Абрэнскага краю;
узнагароды генерала Валдзіса Матыса (Валдзіс Матыс, ураджэнец Балвійскага краю – брыгадны генерал сухапутных войскаў, рэктар адроджанай Латвійскай Нацыянальнай акадэміі абароны, латвійскі ваенны аташэ ў ЗША, Канадзе і Расіі);
калекцыя традыцыйных народных музычных інструментаў (самым унікальным з якіх з'яўляецца кантрабас, або бас-балалайка);
калекцыя керамічных вырабаў майстроў прыкладнога мастацтва Іаланты і
Валдзіса Дундзеніекаў.
Час працы: II - V: 10:00 - 17.00, VI: 11:00-16:00.
Адрас: вул. Брывібас, 46, Балві, Латвія
+371 64521430, +371 28352770, [email protected], www.balvi.lv, www.muzejs.balvi.lv


Культурна-гістарычны музей Вілякскага краю «Вершукаліс»
Калі вы хочаце на нейкі час адысці ад штодзённай мітусні і паспешлівасці, паспрабаваць вясковага масла, намазанага на свежаспечаны белы хлеб, крывяной каўбаскі, вясковага супу, зазірнуць у глыбіню душы жыхароў Сусайскай воласці, паўдзельнічаць ва ўжо традыцыйных мерапрыемствах і латышскіх народных святах, пабываць ў дагледжанай і тыпова сельскай абстаноўцы, тады прыязджайце да нас! Экскурсіі праводзяцца індывідуальна і для груп да 40 чалавек.
Унікальныя экспанаты: тэкстыльныя і керамічныя вырабы майстроў Сусайскай воласці.
Час працы: I -VЖ 8:30- 17:00, а таксама па заяўках.
Адрас: Свілпава, Сусайская воласць, Вілякскі край, Латвія
+37129243878, [email protected]


Музей Вілякскага краю
Калекцыя музея адлюстроўвае гісторыю горада Віляка і яго ваколіц, пачынаючы з ХІІІ ст. У «Белым пакоі» змешчаны экспанаты па гісторыі хрысціянскай абшчыны краю. У пакоі, створаным у памяць аб каталіцкіх біскупах Казіміры Дульбінскім м Валяр'яне Зондаку, знаходзяцца царкоўныя прылады біскупаў і іх асабістыя рэчы. Увагу наведвальнікаў прыцягвае найцікавейшая філуменістычная калекцыя (філуменія – калекцыяніраванне этыкетак ад запалак) Яніса Лайцанса, якая налічвае больш за 1500 адзінак. У выставачнай зале вашай увазе прапануюцца карціны Яніса і Ганны Лайцансаў. Музей стварае музейна-педагагічныя праграмы. Праводзяцца экскурсіі па горадзе.
Унікальныя экспанаты:
гектограф (70-я гг. ХХ ст.) - тып капіравальнага апарата (ручная работа святара Ольгерда Алексанса);
куфэрак-алтар, які знаходзіўся пры біскупе Казіміры Дульбінскім падчас яго ссылкі;
стола (элемент літургічнага адзення каталіцкага і лютэранскага святара ў выглядзе двухметровай стужкі з нашытымі крыжамі);
філуменістычная калекцыя;
сасуды для алею (выраблены з гліны);
кокле (латышскі струнны шчыпковы музычны інструмент, які нагадвае рускія гуслі) і цытра-кокле (30–40 гг. XX ст.).
Час працы: 1 мая – 31 кастрычніка II - IV: 9:00-17:00, V: 9:00-18:00, VI: 9:00-16:00, 1 лістапада – 30 красавіка I-V: 9:00-17:00
Адрас: вул. Балву,13, Віляка, Вілякскі край, Латвія
+371 64563302, [email protected], www.vilaka.lv


Лудзенскі краязнаўчы музей
Адзін са старэйшых музеяў Латгаліі, які пераступіў парог свайго 95-гадовага юбілею. Музей размяшчаецца ў доме героя вайны 1812 г. Я. Кульнёва. Адна з пастаянных экспазіцый музея прысвечана легендарнаму генерал-маёру Якаву Кульнёву. У канцы ХІХ ст. падчас раскопак на старажытных могілках на гары Одукалнс археолагі знайшлі прадметы даўніны, выстаўленыя ў музейнай экспазіцыі «Старажытныя латгалы». Пры аглядзе экспазіцыі «Сярэднія вякі ў Лудзенскім краі» ў кожнага ёсць магчымасць адчуць сябе гаспадаром замка, а таксама паспрабаваць свае здольнасці ў вырабе старажытнай тканіны на антыкварным вертыкальным ткацкім станку. У сярэднявечнай кузні госці музея могуць выкаваць памятную манету з сімволікай музея і горада Лудза. Прадстаўленыя ў прыродна-этнаграфічнай экспазіцыі аб'екты сельскай забудовы характарызуюць асноўныя традыцыі сельскага будаўніцтва канца ХІХ – пачатку ХХ стст. Прыгажосць латгальскіх краявідаў адлюстравана ў прыроднай экспазіцыі, якая дэманструе разнастайнасць флоры і фаўны краю. У музеі праходзяць розныя мерапрыемствы і праграмы. Прапануюцца экскурсіі па музеі і гістарычным цэнтры горада на латышскай, рускай і англійскай мовах. Асобая прапанова для тых, хто ўступае ў шлюб – праграма «Звілісты шлях маладых у Лудзенскім музеі».
Унікальныя экспанаты:
археалагічная калекцыя (адносіцца да ІІІ тысячагоддзя да н.э.), фібула – металічная зашпілька для адзення, якая адначасова служыла ўпрыгажэннем (VІІ–ІХ стст.), брэлок ў выглядзе коніка (ХІ–ХІІІ стст.), упрыгажэнні старажытных латгалаў, пахавальны інвентар, прылады працы. У раздзеле прыродна-этнаграфічнай экспазіцыі – будаўнічыя аб'екты «Курная хата», «Керамічная майстэрня П. Вілцанса».
Час працы: I – V: 8:00 – 17:00, VI: 10:00 – 17:00 ( 1.04. – 1.11.), 10:00 – 15:00 (111. – 1.04.)
Адрас: вул. Я. Кульнёва, 2, Лудза, Латвія
+371 65723931, www.ludzasmuzejs.lv


Упіцкі культурна-гістарычны музей Антона Слішана
Музей, Упіцкі народны дом і Упіцкая бібліятэка размешчаны ў адным будынку і ўсе разам прадстаўляюць Упіцкі Цэнтр нематэрыяльнай культуры. Па гэтай прычыне адно з галоўных напрамкаў дзейнасці музея – гэта збіраць, захоўваць, вывучаць і папулярызаваць нематэрыяльную культурную спадчыну. Фальклорны рух у Шкілбенскай воласці распачаўся ў 1980 г. дзякуючы краязнаўцу, публіцысту і фалькларысту Антону Слішану. У калекцыі Упіцкага культурна-гістарычнага музея захоўваюцца аўдыёзапісы жанчын-выканаўцаў 70-х гг. ХХ ст. Музей прапаноўвае майстар-класы традыцыйных рамёстваў: ткацтва на вялікіх ткацкіх станках, пляценне паўночналатгальскіх паясоў, пляценне саламяных капелюшоў, макрамэ, выраб дудачак.
Унікальныя экспанаты:
каменны якар, знойдзены на беразе рэчкі Кухва;
калекцыя спецыяльных лапат для пасадкі хлеба ў печ, сабраная ў Упіце і ваколіцах;
запісы духоўных спеваў і народных песень 1970-х гг.;
пастушыныя дудачкі, вырабленыя з кары шэрай вольхі.
Час працы: V: 11:00-16:00, VII: 11:00-16:00, у іншы час – па папярэдняй заяўцы.
Адрас: Плошча Акас, 1, Упітэ, Шкілбенская воласць, Вілякскі край, Латвія
+371 29868786, [email protected], www.vilaka.lv


Музей Балтынаўскага краю
У музеі можна глыбей пазнаць сваю гісторыю Балтынаўскага краю пачынаючы з XVII ст. да нашых дзён. Можна агледзець прадметы побыту пачатку ХХ ст., экспазіцыі, прысвечаныя гісторыі і выбітным землякам краю. Музей праводзіць лекцыі, тэматычныя мерапрыемствы і выставы, у якіх удзельнічаюць школьнікі мастацкай школы і мастакі краю. Прапануюцца экскурсіі па турыстычных аб'ектах Балтынаўскага краю. Экскурсіі праводзяцца па папярэдніх заяўках.
Унікальныя экспанаты:
тканыя ручнікі, чорныя вышытыя пакрывалы (XIX – XX стст.);
малітоўнікі на латгальскай мове (XVIII – XIX стст.);
латгальская газета „Drywa” («Ніва») (1908-1909 гг.);
Час працы: I – V: 10:00 – 16:00. У выхадныя дні і ў нерабочы час наведаць музей можна па ппярэдняй заяўцы.
Адрас: вул. Тылжас,7, Балтынава, Балтынаўскі край, Латвія
+371 29341738, [email protected], www.baltinava.lv


Музей пісьменніка Антона Рупайніса

Музей існуе з 1988 г., з 2005 г. носіць імя латгальскага пісьменніка Антона Рупайніса. У фондах музея захоўваюцца матэрыялы, якія адносяцца да жыцця і творчасці пісьменніка: яго працы, фотаздымкі, лісты і інш. Пісьменнік нарадзіўся ў Берзгальскай воласці, там жа вучыўся ў школе, затым ў Рэзэкненскім настаўніцкім інстытуце і атрымаў прафесію настаўніка. Пісаў вершы, п'есы, раманы аб гісторыі Латгаліі. У 1944 г. эмігрыраваў у Германію, у 1948 г. перабраўся ў штат Мінесота (ЗША). У экспазіцыі музея знаходзяцца матэрыялы аб 12 сучасніках А. Рупайніса, якія нарадзіліся ў канцы ХІХ – пачатку ХХ ст., жылі ў Берзгальскай воласці і прымалі актыўны ўдзел у грамадскім жыцці. Акрамя таго, у музеі знаходзяцца матэрыялы па гісторыі Берзгальскай воласці, аб землеўладальніках нямецкага паходжання Мантэйфель, землеўладальніках польскага паходжання – сям'і Вейтка.
Унікальныя экспанаты: асабістыя рэчы Антона Рупайніса, рукапісы і кнігі.
Час працы: I – V: 8: 00 – 16: 30. У выхадныя дні і нерабочы час наведаць музей можна па папярэдняй заяўцы.
Адрас: вул. Рытупес, Берзгале, Берзгальская воласць, Рэзэкненскі край, Латвія
+371 26191623


Латгальскі культурна-гістарычны музей
У музеі можна паглыбіць веды па гісторыі горада, наведаць розныя мастацкія выставы і самому прыняць удзел у творчым працэсе. У экспазіцыі латгальскай керамікі можна не толькі ўбачыць развіццё керамічнага мастацтва ад вытокаў ганчарнага рамяства ў часы неаліту да нашых дзён, але і адчуць разнастайнасць пераўтварэнняў гліны ў руках майстра. Студэнты і школьнікі могуць вывучаць гістарычныя падзеі на цікавых музейных уроках, а маленькіх імяніннікаў запрашаюць адзначыць дзень нараджэння ў музеі. Працуе таксама чытальная зала.
Унікальныя экспанаты: чэрап быка, дэпазіт Лівонскіх часоў (XV – XVI стст.), малітоўнікі XVIII – XIX стст. на латгальскай мове, першая латгальская газета «Гайсма» («Святло»), набор інструментаў палявога хірурга часоў Першай сусветнай вайны, люстэрка-трумо сям'і вядомага фінскага рэжысёра з латгальскімі каранямі Тэўва Туліа, мэбля і абсталяванне салона прыгажосці часоў Латвійскай вольнай дзяржавы (20-30-я гг. ХХ ст.), фотапарат “Exacta”, які належаў легендзе латвійскага фотамастацтва Янісу Глейзду.
Час працы: II – V: 10:00-17:00, VI: 10:00-16:00, VII – I: закрыта.
У летні сезон : III – V: 11:00-18:00, VI – VII: 10:00-16:00, I – II: – закрыта
Адрас: алея Атбрывашанас, 102, Рэзэкне, Латвія
+371 64622464, [email protected], [email protected], www.muzeji.lv


Музей Францыса Трасуна «Колнасата»
11 жніўня 1992 г. быў адкрыты музей Ф. Трасуна «Колнасата» ў гонар культурнага і грамадскага дзеяча Латгаліі, дзяржаўнага дзеяча і свяшчэннаслужыцеля Ф. Трасуна. Гэта радавое гняздо Трасунаў. Наведвальнікам прапануюць агледзець асноўныя экспазіцыі музея «Жыццё і дзейнасць Ф. Трасуна, «Яніс Клідзейс ад Сакстагале да Каліфорніі», пастаянную выставу калекцыі «Старажытныя прадметы побыту» ў свірне. Распрацаваны музейна-педагагічныя праграмы «Старажытныя прадметы побыту», «У кожнага свой анёл», «Байкі Ф. Трасуна», «Вяселлі ў Латгаліі». На тэрыторыі музея абсталявана месца для вогнішча, устаноўлены арэлі, навес з сядзеннямі.
Унікальныя экспанаты: посуд сям'і Трасунаў, патэфон, які ўсё яшчэ працуе, куфар для пасагу XIX ст., латгальскія наплечныя шалі.
Час працы: I – V: 8:00- 16:30, VI – VII: па папярэдняй заяўцы.
Адрас: вул. Кална, 3, Сакстагальская воласць, Рэзэкненскі край, Латвія
+371 64640594, +371 26248270, +371 26338798, [email protected]


Вілянскі краязнаўчы музей

Пастаянная экспазіцыя Вілянскага краязнаўчага музея прапануе наведвальнікам агляд горада Віляны і Вілянскага краю ў розныя гістарычныя эпохі. Паўсядзённае жыццё гараджан і сялян стварае незабыўны настрой і магчымасць адчуць подых мінулых часоў. Паколькі ў стварэнні музейнай калекцыі прымалі ўдзел дзясяткі школьнікаў, а таксама жыхары горада і краю, аддаючы музею шматлікія рэчы сваіх продкаў, калекцыя атрымалася надзвычай разнастайная, насычаная ўспамінамі аб культуры, традыцыях і сацыяльных праблемах жыхароў Вілянскага краю. Прапанаваемая музеем экскурсія «Вілянская гістарычная сцежка» дапаможа ўбачыць на свае вочы найбольш значныя культурна-гістарычныя мясціны горада, пазнаёміцца са спадчынай нядаўна адышоўшых стагоддзяў. У сваю чаргу, у выставачнай зале музея ўвазе наведвальнікаў прадстаўлены мастацкія і рамесніцкія работы мясцовых майстроў і гасцей, а таксама тэматычныя выставы, якія праводзяцца супрацоўнікамі музея.
Унікальны экспанат: клык маманта.
Час працы: I - V: 8:00 – 12:00, 13:00 – 17:00, для груп па папярэдняй заяўцы – і ў выхадныя дні.
Адрас: плошча Культуры, 2, Віляны, Вілянскі край, Латвія
+371 26476570, [email protected]


Малцкі гістарычны музей
Не абавязкова ехаць на Міжземнае мора, каб убачыць багатую культурную спадчыну вострава Мальта. Малцкі гістарычны музей у Рэзэкненскім краі прапануе ўвазе наведвальнікаў унікальную гістарычную спадчыну – створаныя папярэднімі пакаленнямі і зноў адроджаныя матэрыяльныя і нематэрыяльныя каштоўнасці, якія аб'яднаны ў адпаведныя калекцыі, экспазіцыі і адукацыйныя мерапрыемствы. У музеі створана асноўная экспазіцыя «Малта на перакрыжаванні дарог і падзей у гістарычных фотаздымках», дзве выставы з фондаў музея – «Карціны і кераміка жыхароў краю» і «Прадметы побыту і прылады жыхароў Малцкай воласці», характэрныя для аздаблення пакоя 30–60 гг. XX ст. Малцкі музей таксама прапануе экскурсіі па Малце і яе ваколіцах.
Унікальныя экспанаты: скрынка для экспарту масла часоў Ульманіса, сырны прэс, пасведчанне 1914 г., фортэпіяна, вырабленае фірмай К. Шрэдэра, этыкеткі малочнай прадукцыі маёнтку Разентова.
Час працы: I – V: 8:00-16:00. Па папярэдняй заяўцы працуем у суботу і нядзелю.
Адрас: вул. Парка, 8, Малта, Малцкая воласць, Рэзэкненскі край, Латвія
+371 64621521, +371 29198542, www.maltasmuzejs.lv


Прэйльскі музей гісторыі і прыкладнога мастацтва
Свой аповед аб Прэйльскай зямлі і яе людзях Музей сфарміраваў у многіх будынках горада. Прайшоўшы па ціхіх гарадскіх вулках Прэйлі і зацікавіўшыся якой-небудзь музейнай экспазіцыяй, вы даведаецеся аб старажытнай гісторыі краю, зачатках адукацыі, культурнай, рэлігійнай і гаспадарчай дзейнасці, пазнаёміцеся з выдатнай спадчынай памешчыкаў Борхаў, адкрыеце для сябе яўрэйскую старонку гісторыі Прэйлі. Але самае галоўнае – адчуеце гонар мясцовых жыхароў за сваіх знакамітых суайчыннікаў. Гэта кінарэжысёр Яніс Стрэйч, вядомы лётчык генерал Язэп Башко, філосаф Петэрыс Зейле, археолагі Антоній Вілцанс і Францыс Загорскіс, сілаянскія старыя майстры-керамікі Палікарп Чарняўскі, Андрэй Паўланс, Палікарп Вілцанс і многія іншыя. Прэйльскі музей гісторыі і прыкладнога мастацтва – адзінае месца за межамі Рыгі, дзе захоўваецца спадчына Язэпа Пігозніса (выдатны латышскі мастак, прафесар Латвійскай акадэміі мастацтваў, 1934-2014). Змест музейных экспазіцый беражліва папаўняецца пазнавальнымі лічбавымі гульнямі, настольнымі і актыўнымі гульнямі для наведвальнікаў рознага ўзросту. Музей прапануе захапляльныя рамантычныя экскурсіі па Прэйльскім парку і адпачынак на прыродзе ля вогнішча ў «Садзе скульптур».
Унікальныя экспанаты:
фрагмент мундзіра камандора Мальтскага Ордэна (1779–1835), уладальніка Прэйльскага маёнтка Йозэфа Генрыха Борха (1751–1835); знойдзены пры археалагічных раскопках у склепе Прэйльскага маёнтка ў 2008 г., рэстаўраваны ў рэстаўрацыйным аддзеле Латвійскага Нацыянальнага музея ў 2012 г.;
унікальны тэкстыль пачатку XVIII ст. – карпарал пад чашу для віна, які выкарыстоўваўся падчас каталіцкага богаслужэння; выраблены з расшытай золатам вясельнай сукенкі гаспадыні Прэйльскага мёнтка Ядвігі Лізаветы Борх (Платэр), якую яна ў 1703 г. ахвяравала Прэйльскаму рымска-каталіцкаму касцёлу;
куфэрак з пасагам сучасніцы Яніса Райніса (1865–1929), жыхаркі Ясмуйжы Тэклы Цасно (1865–1950);
камплект археалагічных бронзавых упрыгажэнняў XI ст., які належаў заможнай латгалцы; знойдзены падчас раскопак у паселішчы Бучкі Варкаўскага краю; рэстаўраваны ў 2013 г.;
сілаянская кераміка (400 адзінак), унесеная ў Латвійскі канон культурных каштоўнасцей як узор народных традыцый, а менавіта латгальскае ганчарнае рамяство;
дэкаратыўныя аздабленні ліштваў вокнаў латгальскіх дамоў – разьба па дрэве.
Час працы: II – V: 11:00 –18:00, VI: 10:00 - 16:00, VII–I: закрыта
Адрас: бульв. Райніса, 28, Прэйлі, Латвія
+371 6532273, [email protected], www.preili.lv/kultura/muzeji, www.muzeji.lv


Дом керамікі Палікарпа Чарняўскага
Дом керамікі Палікарпа Чарняўскага можна ўбачыць у экспазіцыі Прэйльскага музея гісторыі і прыкладнога мастацтва «Жыццё, адточанае ганчарным кругам». У аснову пакладзены шчыры аповед аб сілаянскім майстры керамікі Палікарпе Чарняўскім (1923–1997). Яго змест дапамагаюць раскрыць своеасабліва размешчаныя прадметы калекцыі з музейных фондаў: ганчарныя кругі майстра, інструменты і прыстасаванні для работы, цудоўныя керамічныя вырабы. Наведвальнікі могуць паспрабаваць сябе ў лепцы вырабу з гліны на ганчарным крузе. Для сем'яў прапануецца адукацыйная праграма «Гліна танцуе і насвіствае», а таксама настольная гульня «Шлях гліны». Вас чакаюць сустрэчы з сілаянскімі майстрамі керамікі і прадаўжальнікамі традыцый Палікарпа Чарняўскага ўжо ў трэцім пакаленні.
Адрас: вул. Талсу, 21, Прэйлі, Латвія
+371 29429630, +371 65322731


Варкаўскі краязнаўчы музей

Варкаўская воласць пазіцыяніруе сябе як радзіма першай народной школы ў Латгаліі. Дадзены гістарычны факт у 2000 г. паслужыў стымулам стварыць краязнаўчы музей. Сабраныя прадметы і абагуленая інфармацыя сталі асновай для першай экспазіцыі музея «Першая народная школа ў Латгаліі». Музей прапануе агледзець экспазіцыю «Варкаўская воласць скрозь стагоддзі», у якой адлюстроўваецца гісторыя Варкаўскай воласці, культура, адукацыя і развіццё. У «пакоі традыцый» абсталявана выстава варкаўскіх рукадзельніц і рамеснікаў. Пры наведванні «пакоя традыцый» можна падысці да ткацкага станка і паспрабаваць сябе ў ткацтве альбо паспытаць шчасця ў іншым рамястве. У памяшканні свірна размешчана «Экспазіцыя старажытных прадметаў побыту і прылад працы». У салоне творчых мастацтваў увазе наведвальнікаў адкрываецца свет паэзіі, музыкі і мастацтва Варкаўскага краю.
Унікальныя экспанаты: тканыя ручнікі (мяжа XIX і XX стст.), старажытныя рамесніцкія вырабы, ткацкі станок, патэфон у рабочым стане.
Час працы: I – V: 8: 00 – 16: 00, VI – VII: па папярэдняй заяўцы.
Адрас: вул. Кавалеўскіх, 6, Варкава, Варкаўская воласць, Варкаўскі край, Латвія
+371 27059046, [email protected], www.varkava.lv


Наўенскі краязнаўчы музей
Музей прапануе наведаць мастацкую галерэю работ скульптара Валянціны Зейле (Парыж, Францыя), якая нарадзілася ў Наўенскай воласці, а таксама адкрытыя для агляду прадметы мастацтва. Сваімі цудамі вас здзівіць прыродны парк «Даўгавас локі» і прыродная экспазіцыя падводнага свету Даўгавы «Сэрца Даўгавы». Калекцыя старажытных прадметаў побыту і прылад працы прадстаўлена ў этнаграфічных экспазіцыях «Пакой заможнага селяніна» і «Прадметы дамашняга ўжытку і прылады працы латгалаў». Гістарычную экспазіцыю Даўгаўпілскага краю фарміруюць арыгіналы бытавых і сакральных прадметаў другой паловы XIX і XX ст. У музеі можна пабачыць сакральную спадчыну старавераў і католікаў, а таксама польскую культурную спадчыну. У памяшканні творчых майстэрняў любы жадаючы можа стаць кандыдатам у Кнігу рэкордаў Гінэса, ствараючы пакрывала Аўгшдаўгавы ці папаўняючы Куфэрак народнай памяці. Для дзяцей і дарослых прапануюцца творчыя майстэрні па вырабе круглых дыванкоў, пляценню з лазы, ганчарнай справе і выпяканні бліноў. Для знаёмства з мясцовай кулінарнай спадчынай музей арганізуе розныя дэгустацыі, а таксама індывідуальна распрацаваныя праграмы вясельных урачыстасцяў і святкавання юбілеяў.
Унікальныя экспанаты:
калекцыя мастацкіх работ скульптара Валянціны Зейле: работы ў бронзе, медалі і плакеты, скульптуры. «Чалавек і конь» - скульптура, прысвечаная заснавальніку коннага тэатра Бартабаса «Зінгаро» Клеману Марці (Clément Marty) у прыгарадзе Парыжа Абервіле. А скульптура «Фігурыстка» заслужыла адабрэнне не толькі ў Латвіі – такі ж экзэмпляр знаходзіцца ў галерэі ў Афінах (Грэцыя).
Час працы:
Кастрычнік – красавік: I – V: 8:00 - 17:00
Май – верасень: I – V: 8:00-18:00, VI: 10:00-18:00
Адрас: вул. Сколас,1b, Наўене, Наўенская воласць, Даўгаўпілскі край, Латвія
+371 65471321, +371 29468988, +371 26532508, [email protected], www.facebook.com/Naujenesmuzejs, www.naujenesmuzejs.lv, www.visitdaugavpils.lv


Дом старавераў у Слуцішках
У выгіне даліны Даўгавы, удалечыні ад чужых цікаўных вачэй, у вёсцы Слуцішкі схаваўся дом стараабрадцаў, ці старавераў, як яны самі сябе называюць. Таямнічы і загадкавы. Час тут спыніўся год 100 назад. Каб лепей пазнаць старавераў, трэба затрымацца ў Наўенскім краязнаўчым музеі. І толькі тады, пасля першага знаёмства з іх культурай у Наўенскім краязнаўчым музеі, падарожнік можа быць гатовы да наведвання стараверскага паселішча Слуцішкі. Не кожнаму прышламу госцю паселішча Слуцішкі адкрывае свае таямніцы, таму просім паведаміць нам аб наведванні загадзя!
Адрас: Слуцішкі, Наўенская воласць, Даўгаўпілскі край, Латвія
+371 65471321, +371 29468988 , +371 26532508,
[email protected], www.facebook.com/Naujenesmuzejs, www.naujenesmuzejs.lv, www.visitdaugavpils.lv


Даўгаўпілскі краязнаўчы і мастацкі музей
Даўгаўпілскі краязнаўчы і мастацкі музей – адзін са старэйшых і буйнейшых музеяў Латгаліі (1938 г.). Знаходзіцца ён у прыгажэйшым будынку горада, пабудаваным у 1884 г. у юнгендстылі. Будынак з'яўляецца помнікам гісторыі культуры і архітэктуры. Збіраючы, захоўваючы, даследуючы і папулярызуючы калекцыі, што адлюстроўваюць гісторыю, культуру, мастацтва і прыроду Даўгаўпілскага краю, Музей спрыяе вывучэнню культурна-гістарычнай спадчыны і сучаснага вопыту з мэтай павышэння інтарэсу грамадства да гістарычных працэсаў Даўгаўпілскага краю, выхавання павагі да духоўнай спадчыны мінулага і яго традыцый.
Унікальныя экспанаты:
макет Дынабургскага замка XIII ст.;
рэшткі мужчыны X–XIII стст. (пахаванне знойдзена ў 1983 г. у Калкунах Даўгаўпілскага краю);
археалагічныя знаходкі Ерсікскіх могілак ХІІ ст.;
замок і ключ Міхайлаўскай брамы Дынабургскай крэпасці;
паліфон – музычны інструмент другой паловы ХІХ ст.;
лёгкая фурманка пачатку ХХ ст.;
памятная таблічка ў гонар адкрыцця Моста адзінства;
нацыянальны касцюм удзельніцы Латгальскага свята песні 1940 г.;
прадметы побыту і асабістага карыстання палітычна рэпрэсіраваных;
інтэр'ер гасцінага пакоя канца ХІХ ст. з элементамі юнгендстылю;
унікальныя абразы XVI ст. «Св. Мікола Цудатворца» і «Св. Іаан хрысціцель».
Час працы: I: 10:00 – 16:00, II – VI: 10:00 – 18:00, VII: 10:00 – 16:00
Адрас: вул. Рыгас,8, Даўгаўпілс, Латвія
+371 65424155, www.dnmm.lv, [email protected]


Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік
Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік (НПГКМЗ) уяўляе сабой унікальную гістарычную тэрыторыю, помнікі якой ахоўваюцца, вывучаюцца, рэстаўруюцца і прыстасоўваюцца пад музейныя экспазіцыі. Экспазіцыі некаторых музееў размешчаны ў помніках архітэктуры: Сафійскім саборы (сярэдзіна XI — сярэдзіна XVIII стст.), корпусе былога езуіцкага калегіума (XVIII ст.), Лютэранскай кірсе (1888 г.), былым жылым корпусе Богаяўленскага манастыра (канец XVIII ст.), жылых дамах па вул. Войкава, 1 і вул. Ніжне-Пакроўскай, 46 (XIX — пачатак XX стст.), Доміку Пятра I (1692 г.), воданапорнай вежы (1956 г.). Усяго ж у складзе НПГКМЗ налічваецца 11 музеяў. Запаведнік з'яўляецца ядром, вакол якога ствараюцца ўмовы для ператварэння гістарычнага Полацка ў горад-музей.
Час працы: верасень - май: II - VII: 10:00 - 17:00;
чэрвень - жнівень: II - VII: 10:00 - 18:00
Адрас: вул. Ніжне-Пакроўская, 22, г. Полацк, Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь
+375 214422201, www.polotsk.museum.by


Прыродна-экалагічны музей
Экспазіцыя музея размясцілася ў будынку былой воданапорнай вежы. Падарожжа па гэтаму музею дапамагае ўбачыць прыроду як каштоўнасць і частку чалавечага існавання, а чалавека – як частку прыроднага космаса, падымае да вяршыні экалагічных ведаў.
Час працы: верасень - май: II - VII: 10:00 - 17:00;
чэрвень - жнівень: II - VII: 10:00 - 18:00
Адрас: вул.Скарыны, 21, г. Полацк, Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь
+375 214424213, www.ecology.polotsk.museum.by








Музей гісторыі архітэктуры Сафійскага сабора
Экспазіцыя музея размяшчаецца ў Сафійскім саборы, помніку архітэктуры XI–XVIII стст., і расказвае аб гісторыі архітэктуры самай старажытнай каменнай пабудовы на тэрыторыі сучаснай Беларусі, аб шматлікіх перабудовах і апошняй рэстаўрацыі помніка. У Сафійскім саборы таксама адкрытая канцэртная зала арганнай і камернай музыкі.
Час працы: верасень - май: II - VII: 10:00 - 17:00;
чэрвень - жнівень: II - VII: 10:00 - 18:00
Адрас: вул.Замкавая, 1, г. Полацк, Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь
+375 214425340, www.sophia.polotsk.museum.by


Музей беларускага кнігадрукавання
Адзіны ў Беларусі Музей беларускага кнігадрукавання быў адкрыты да 500-годдзя са дня нараджэння беларускага і ўсходнеславянскага першадрукара Францыска Скарыны і размясціўся ў будынку былога жылога корпуса Богаяўленскага манастыра, помніку архітэктуры XVIII ст. Ён прысвечаны кнізе ва ўсіх яе праявах, пачынаючы ад першых рукапісных скруткаў да сучасных выданняў. Здзейсніць падарожжа ў часе дапамагаюць майстэрня перапісчыка кніг і друкарня XVII ст.
Час працы: верасень - май: II - VII: 10:00 - 17:00;
чэрвень - жнівень: II - VII: 10:00 - 18:00
Адрас: вул. Ніжне-Пакроўская, 22, г. Полацк, Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь
+375 214425725, www.book.polotsk.museum.by


Музей-бібліятэка Сімяона Полацкага
Музей аформлены на ўзор інтэр'ера заходнееўрапейскай бібліятэкі XVII-XVIII стст. Яго экспазіцыя расказвае аб жыцці і дзейнасці беларускага асветніка Сімяона Полацкага, які ўвайшоў у гісторыю як грамадскі і царкоўны дзеяч, багаслоў, паэт і пісьменнік, педагог і выхавацель.
Час працы: верасень - май: II - VII: 10:00 - 17:00;
чэрвень - жнівень: II - VII: 10:00 - 18:00
Адрас: вул. Ніжне-Пакроўская, 22, г. Полацк, Віцебская вобл., Рэспубліка Беларусь, 211400;
+375 214425725, www.simeon.polotsk.museum.by


Краязнаўчы музей
Унікальныя экспанаты старэйшага полацкага музея расказваюць аб палітычнай і эканамічнай гісторыі горада, яго культуры са старажытнейшых часоў да 1941 г. Размяшчаецца музей у будынку былой Лютэранскай кірхі, помніку архітэктуры канца XIX ст.
Час працы: верасень - май: II - VII: 10:00 - 17:00;
чэрвень - жнівень: II - VII: 10:00 - 18:00
Адрас: вул.Ніжне-Пакроўская, 11, г. Полацк, Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь
+375 214422715, www.local.polotsk.museum.by








Музей традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер'я
Экспазіцыя гэтага музея расказвае аб асаблівасцях ручнога ткацтва беларускага Паазер'я – Полацкага, Верхнядзвінскага, Глыбоцкага, Докшыцкага, Міёрскага, Пастаўскага, Шаркаўшчынскага раёнаў. Музей раскрывае для сваіх наведвальнікаў таямніцы вырошчвання і апрацоўкі лёну ў канцы ХIХ – пачатку XX стст. на тэрыторыі Паўночнай Беларусі, расказвае аб самым распаўсюджаным і старажытным відзе народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва — ткацтве; ва ўзорах на тканых і вышытых вырабах музей раскрывае бязмежнае багацце гісторыка-культурнай спадчыны.
Час працы: верасень - май: II - VII: 10:00 - 17:00;
чэрвень - жнівень: II - VII: 10:00 - 18:00
Адрас: вул. Войкава, 1, г. Полацк, Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь
+375 214423041, www.tkach.polotsk.museum.by


Дзіцячы музей
Дзіцячы музей – гэта свайго роду машына часу, дзякуючы якой мы можам адправіцца ў падарожжа ў свет звыклых рэчаў, перанесціся ў мінулае і паспрабаваць прыадчыніць завесу будучыні, хай сабе нават у сваіх фантазіях.
Час працы: верасень - май: II - VII: 10:00 - 17:00;
чэрвень - жнівень: II - VII: 10:00 - 18:00
Адрас: вул. Ніжне-Пакроўская, 46, г. Полацк, Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь
+375 214424558, www.children.polotsk.museum.by


Мастацкая галерэя
Мастацкая галерэя размяшчаецца ў адным з карпусоў былога езуіцкага калегіўма. Пастаянная экспазіцыя галерэі складаецца з трох раздзелаў: «Сценапіс XII-XIX стагоддзяў Спаса-Праабражэнскай царквы Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра (г. Полацк)», «Культавае мастацтва XII-XIX стагоддзяў», «Мастацтва Беларусі ХХ стагоддзя». У выставачных залах праводзяцца выстаўкі твораў беларускіх і замежных мастакоў.
Час працы: верасень - май: II - VII: 10:00 - 17:00;
чэрвень - жнівень: II - VII: 10:00 - 18:00
Адрас: вул. Стралецкая, 4А-4, г. Полацк, Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь
+375 214424135, www.gallery.polotsk.museum.by


Стацыянарная выстаўка «Прагулка па Ніжне-Пакроўскай»
Гэта першая ў Беларусі экспазіцыя, прысвечаная гісторыі адной вуліцы пэўнага адрэзку часу. Яна створана на аснове «Путеводителя по городу Полоцку» 1910 г. і расказвае аб гісторыі вуліцы, людзях, якія жылі і працавалі на гэтай вуліцы, аб пабудовах і ўстановах, якія знаходзіліся на тут у пачатку ХХ ст.
Час працы: верасень - май: II - VII: 10:00 - 17:00;
чэрвень - жнівень: II - VII: 10:00 - 18:00
Адрас: вул. Ніжне-Пакроўская, 46, г. Полацк, Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь
+375 214458116, www.walk.polotsk.museum.by


Музей баявой славы
Экспазіцыя музея знаёміць палачан і гасцей горада з гісторыяй абароны Полацка ў чэрвені-ліпені 1941 г., з жыццём горада і раёна ў перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі, з дзейнасцю падпольных арганізацый і партызанскіх брыгад, а таксама расказвае аб удзеле палачан у найбольш значных бітвах Вялікай Айчыннай вайны.
Час працы: верасень - май: II - VII: 10:00 - 17:00;
чэрвень - жнівень: II - VII: 10:00 - 18:00
Адрас: вул. З.М. Тусналобавай-Марчанка, 1, г. Полацк, Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь
+375 214434421, www.war.polotsk.museum.by


Музей-кватэра Героя Савецкага Cаюза З.М. Тусналобавай-Марчанка
Экспазіцыя мемарыяльнага музея размешчана ў адным з пакояў жылога дома, дзе прайшлі апошнія гады жыцця З.М. Тусналобавай-Марчанка – Ганаровага грамадзяніна горада Полацка, мужнай медыцынскай сястры, якая выратавала жыццё многім салдатам і афіцэрам у гады Вялікай Айчыннай вайны. Сярод экспанатаў – медаль Міжнароднага камітэта Чырвонага Крыжа імя Флорэнс Найтыгейл, што прысуджаецца медыцынскім сёстрам за выключную адданасць сваёй справе і храбрасць пры аказанні дапамогі параненым і хворым як у ваенны, так і мірны час.
Час працы: верасень - май: II - VII: 10:00 - 17:00;
чэрвень - жнівень: II - VII: 10:00 - 18:00
Адрас: вул. 23 Гвардзейцаў, 1, г. Полацк, Віцебская вобласць, Рэспубліка Беларусь
+375 214439469, www.tusnolobova.polotsk.museum.by


Уценскі краязнаўчы музей
Уценскі краязнаўчы музей заснаваў у 1929 г. педагог, краязнаўца і перакладчык Антанас Намікас. У фондах музея захоўваецца звыш 72000 экспанатаў. У экспазіцыях прадстаўлена гісторыя Уценскага краю, этнаграфія, рамёствы ў сучасным аспекце. Праз развіццё горада Уцены з часоў яе заснавання мы даведваемся аб прывабнасці, разнастайнасці і інтарэсах горада.
Час працы: II–V: 10:00–18:00, VI: 10:00–17:00
Адрас: Уцянё, 3, LT-28248, Уцена, Літва
+370 38961637, +370 38961634, [email protected], www.utenosmuziejus.lt, www.facebook.com/utenoskrastotyrosmuziejus

Філіялы Уценскага краязнаўчага музея


Цэнтр традыцыйных рамёстваў «Свірнас» («Клець»)
З 2013 г. у цэнтры традыцыйных рамёстваў „Свірнас“ гараджане і госці горада маюць магчымасць пазнаёміцца з традыцыйнымі рамёствамі літоўскага народа. Падчас адукацыйных заняткаў сертыфікаваныя майстры вучаць свайму рамяству: тонкасцям рэзкі паперы, афарбоўкі яек, пляценню, вязанню, вывучэнню лекавых траў, ткацтву, перапляценню і завязванню палос, стварэнню шарсцяных вырабаў. Цэнтр аб'ядноўвае сертыфікаваных майстроў традыцыйнага рамяства Уценскага краю, даследуе нацыянальную спадчыну, традыцыі этнічнай культуры і спрыяе іх развіццю, праводзіць культурныя, адукацыйныя мерапрыемствы і запрашае да супрацоўнцтва ў мэтах паглыблення ведаў і самаўдасканалення.
Час працы: I–V: 08:00–17:00, V: 08:00–15:45
Адрас: : вул. К. Ладыгас, 18, Уцена, Літва
+370 61525062, [email protected], www.utenosmuziejus.lt


Музей барацьбы за незалежнасць
Новы і сучасны Музей барацьбы за незалежнасць сваю дзейнасць пачаў з 2015 г. Экспазіцыя гэтага музея расказвае аб гісторыі аднаго кутка краіны, але праз яе можна даведацца мінулае не толькі Літвы, але і іншых еўрапейскіх краін. Экспазіцыя падрыхтавана паводле прынцыпу гістарычных кантрастаў, якія раскрываюць асноўныя падзеі 1940–1965 гг. у Літве і Уценскім краі, час ад часу параўноўваючы іх з жыццём за «жалезнай заслонай». Веданне адрозненняў гісторыі Усходняй і Заходняй Еўропы дазволіць народам лепей пазнаць адно аднаго, зблізіцца, а жыхары Уцены і госці горада змогуць радавацца значнаму ўкладу свайго краю, выяўляючы пэўныя сувязі з гісторыяй Еўропы XX ст.
Адрас: вул. Стоцес, 18, Уцена, Літва


Літаратурна-этнаграфічная сядзіба братоў А. і М. Мішкіняй у Юкненай
У аўтэнтычнай літаратурна-этнаграфічнай сядзібе А. і М. Мішкіняй захоўваецца памяць аб паэце, песняры ссылак Антанасе Мішкінісе, а таксама аб перакладчыку і даследчыку літаратуры Матэюсе Мішкінісе і іх браце Вінцасе Мішкінісе. Тут вы адчуеце дух нашага краю, Аўкштайтыі: у вершах, у асяроддзі сядзібы, на лаўцы тайнай школы XIX ст. У 2000 г. сям'я Мішкіняй падаравала сядзібу грамадскасці, каб пакінуць памяць аб братах у культуры Літвы.
Час працы: II–VI: 11:00 – 19:00
Адрас: в. Юкненай, Уценскі р-н, Літва
+370 61142148, [email protected], www.utenosmuziejus.lt


Музей краю ў Таўрагнай
Музей размешчаны ля самага глыбокага возера ў Літве Таўрагнас, на ўскраіне нацыянальнага парка Аўкштайтыі. Побач – адзін з самых прыгожых курганоў у Уценскім раёне Таўрапіліс. У музеі вы даведаецеся аб смелых, працавітах, творчых людзях, якія ведаюць ва ўсёй Літве, будзеце вучыцца жыць паводле парадаў доктара Яўгеніі Шымкунайтэ. Удзельнічаючы ў пазнавальных экскурсіях, вы ўбачыце красу ваколіц Таўрагнай і пажадаеце яшчэ раз вярнуцца.
Час працы: II–VI: 11:00–15:00
Адрас: вул. А. Мустэйкё 29, Таўрагнай, Уценскі р-н, Літва
+370 38975037, www.utenosmuziejus.lt


Музей керамікі Вітаўтаса Валюшыса ў Лялюнай
Музей керамікі Вітаўтаса Валюшыса незвычайны. Ствараючы музей, у 2001 г. сабраную калекцыю ганчар Вітаўтас Валюшыс падараваў грамадскасці. У сучасных выставачных залах, абноўленых у 2011 г., выстаўляецца мноства вырабаў керамікі традыцыйнага выкарыстання, разнастайныя этнаграфічныя экспанаты – бытавыя прадметы, інструменты і работы самога караля ганчароў Вітаўтаса Валюшыса. Наведвальнік можа не толькі пазнаёміцца са старажытнай традыцыйнай літоўскай керамікай, але і прыняць удзел у творчым працэсе. У музеі заснаваны адукацыйны клас керамікі, працуе выставачная зала і кангрэс-цэнтр, а таксама сувенірная крама.
Час працы: II–V: 09:00–18:00, VI: 09:00–17:00
Адрас: вул. Топалю 7, Лялюнай, Уценский р-н, Літва
+370 68622807, +370 61549525, [email protected], www.utenosmuziejus.lt


Цэнтр мастацтва
Мастацкі цэнтр Уцены быў створаны ў 2013 г. у пасёлку Лялюнай Уценскага раёна, у адпаведнасці з Праграмай прыгранічнага супрацоўніцтва Латвіі–Літвы. З самага пачатку дзейнасці Мастацкі цэнтр імкнецца аб'яднаць прафесійных сучасных мастакоў, якія працуюць у рэгіёне, заахвочваць іх творчасць і супрацоўніцтва, прадставіць грамадскасці рэгіёна актуальныя творы мастацтва, наватарскія культурныя тэндэнцыі. У эстэтычным асяродку Мастацкага цэнтра вы можаце пабачыць выставы работ мастакоў з Уценскага рэгіёна Літвы і замежных краін, удзельнічаць у адукацыйных ці тэрапеўтычных мастацкіх майстэрнях, атрымліваць асалоду ад канцэртаў класічнай і сучаснай музыкі.
Час працы: I–IV: 08:00–17:00, V: 09:00–15:45
Адрас: вул. Топалю, 5, Лялюнай, Уценскі р-н, Літва
+370 68579652, [email protected], www.utenosmuziejus.lt









Латгальскі рэгіён планавання ў супрацоўніцтве з партнёрамі – Агенцтвам развіцця Латгальскага рэгіёна, Полацкім абласным выканаўчым камітэтам (Беларусь) і Уценскім краязнаўчым музеем (Літва) – ажыццяўляюць праект «Музейныя вароты» ("Museum Gateway", Nr. LLB-2-208). Агульны бюджэт праекта складае 1 428 494,77 еўра. З гэтай сумы 90%, або 1 285 645,27 еўра – фінансаванне Праграмы трансгранічнага супрацоўніцтва Латвіі, Літвы і Беларусі Еўрапейскага інструмента добрасуседства і партнёрства. Агульная мэта праекта – спрыяць захаванню культурнай спадчыны на памежнай тэрыторыі Латвіі, Літвы і Беларусі. У рамках праекта створаны новы трансгранічны турыстычны прадукт: Турыстычны маршрут «Адчыні музейныя вароты!».

За змест дадзенага матэрыялу адказнасць нясе Латгальскі рэгіён планавання, і ён ніякім чынам не можа адлюстроўваць афіцыйнай пазіцыі Еўрапейскага Саюза.